Добрай раніцы!

1.

Добрай раніцы! Сёння ў краіне атмасферны ціск нізкі, вільготнасць нізкая, курс лева нізкі, нашы даходы нізкія, мараль палітыкаў нізкая, адзнакі нашых дзяцей у школе нізкія, інтэлектуальны ўзровень нізкі, наш прэзідэнт нізкага росту, нашая сексуальнасць – нізкая, прырост прамысловасці – нізкі, наш гемаглабін – нізкі, наша гігіена нізкая, нашыя паклоны нізкія, далягляды нашы нізкія, зарплаты нізкія, голас розуму нізкі, каэфіцыент карыснага дзеяння нізкі, наш жыццёвы мінімум нізкі.

I на ўвесь гэты тыдзень жадаем вам высокай свядомасці і добрага самаадчування!

2.

Добрай раніцы! Частка нашага грамадства, прачытаўшы толькі што напісанае, зусім абгрунтавана пацікавілася, чаму мы сваім выступленнем гэтак псуём настрой і здароўе людзей яшчэ зранку і ці ёсць у нас хоць нешта высокае.

Ёсць!

Злачыннасць высокая. Інфляцыя высокая. Забруджанасць паветра высокая. Наш крывяны ціск высокі. Цэны высокія. Канцэнтрацыя нітратаў высокая. Дэпутат Венцы Дзімітраў высокага росту. Беспрацоўнасць высокая. Бог высока. Эміграцыя з Балгарыі высокая. Працэнты на пазыкі высокія. Ступень небяспекі нашай АЭС «Казладуй» высокая. Падаткі высокія. Дзіцячая смяротнасць высокая. Колькасць супрацоўнікаў тайных службаў высокая. Карупцыя высокая. Наш знешні доўг высокі.

Зразумела, што згодна з усім пералічаным мы жадаем вам высокага аптымізму і выдатнага самаадчування на наступны тыдзень!

Пераклад Венеты Георгіевай-Козаравай