Балгарская доля – нарадзіцца ў Балгарыі.
Пры наяўнасці столькіх іншых дзяржаваў.
З гэтага моманту ўжо нічога нельга зрабіць.
Мінулае заўсёды будзе чорным, сучаснасць – гістарычнай, а будучыня – светлай.
Маўчанне заўсёды будзе золатам.
Заўсёды ты будзеш дарэмна працаваць, але ніколі – дарэмна стаяць.
Заўсёды ты будзеш мець шырокую славянскую душу і вузкую перспектыву.
Заўсёды ты будзеш тапіцца ля берага Дуная.
Заўсёды ты будзеш весці сваё паходжанне ад малпы.
Заўсёды твайму суседу будзе добра, а табе – дрэнна.
Заўсёды Бог будзе высока, а Цар – далёка.
Заўсёды тэорыя ў нашага народа будзе аптымістычнай, а практыка – песімістычнай.
Заўсёды балгарскай марай будзе шведскі стол з крэсламі.
Заўсёды ты будзеш любіць нашыя зялёныя лясы.
Заўсёды Далёкі Усход будзе табе бліжэйшы, чым Блізкі.
Заўсёды міністры будуць з партфелямі.
Заўсёды самыя блізкія табе людзі будуць далёка – у Канадзе.
Заўсёды мы будзем вывозіць мазгі, а ўвозіць мяса.
Заўсёды мы будзем самымі вызвалянымі.
Нават калі не пытаемся «Што гэта?», такое пытанне заўсёды будзе ў нас мець падставы.
Заўсёды народ будзе памыляцца.
Заўсёды Адраджэнне ў нас будзе пачынацца раней, чым у Еўропе, а завяршацца пазней, чым у Афрыцы.
Заўсёды дваццаць ног балгарскай сараканожкі будуць ісці ў адзін бок, а яшчэ дваццаць – у другі.
Балгарская доля – піць старую каву еўрапейцаў, вадзіць іх старыя машыны і натхняцца іх старымі ідэямі.
Балгарская доля – калі наша агульная мова ангельская.
Балгарская доля – калі сіла спараджае аб’яднанне, а не аб’яднанне – сілу.
Балгарская доля – ніколі не выпускаць з рук конскіх хвастоў, з якімі мы калісьці пераплылі Дунай.
Балгарская доля – заўсёды выбіраць найгоршы варыянт.
Балгарская доля – ні яйка сёння, ні курыца заўтра.
Балгарская доля і ўдача як дзве паралельныя прамыя – перасякаюцца ў бясконцасці.
Чалавек можа пазбегнуць удачы, але ніколі – сваёй долі.
Пераклала Ірына Пінхасік