Калі мы і далі нешта свету, дык гэта балгарскую мадэль.
Яна – як піраміда Хеопса ці Вавілонская вежа – наш унёсак у скарбонку чалавецтва.
Калі выказвацца складана – гэта стан духу. Своеасаблівы спосаб мыслення.
Тып духоўнасці.
Карацей кажучы – усё наадварот.
Калумб выпраўляецца ў Індыю і адкрывае Амерыку.
Мы выпраўляемся ў Амерыку і прыязджаем у Індыю.
Усё адкрываем Амерыку і ўсё высвятляецца, што адкрылі мы Індыю.
Ва ўсім свеце кароль у казцы Андэрсэна голы.
У нас наадварот: кароль апрануты, а народ голы. I галодны.
I беспрацоўны.
Ва ўсім свеце вар’ятаў лічаць свядомымі, але хворымі людзьмі.
У нас свядомых лічаць вар’ятамі. Яшчэ з часоў Боцева.
Ва ўсім свеце дзіркі пераважна сустракаюцца ў сыры.
У нас яны на кіраўнічых пасадах.
Там, калі ў некага стрэліць, – ён памірае.
Тут, калі стрэліць у некага, – памірае Алека Канстанцінаў.
Там вялікія народы.
Тут Нацыянальны сход.
Там ад вялікага да смешнага адзін крок.
Тут няма аніякай розніцы.
У іх свабодныя людзі, а ў нас – цэны.
Гэта балгарская мадэль.
Балгарская мадэль горшая, чым Бермудскі трохкутнік.
У Бермудскім трохкутніку рэчы проста знікаюць.
I ты ведаеш, што іх няма.
Пры балгарскай мадэлі яны ёсць, але не такія, якімі павінныя быць.
I ты не ведаеш, з чым маеш справу.
Называецца аўтазапраўка, але там бензіну няма, алей не мяняюць, шыны не правяраюць, шкло не мыюць.
Ты ведаеш толькі, што на Балканах самае высокае. Ці самае шырокае.
Адпаведна гэтай мадэлі балгарскія карлікі самыя нізкарослыя ў свеце, а балгарскія мужчыны – самыя мужныя.
Балгарская мадэль – гэта калі маўчанне золата, а вінаватай галавы не сцінаюць, і лепш яйка сёння, чым курыца заўтра, бо ласкавае цяля ў дзвюх матак смокча.
I калі мы крадзем парэшткі Чарлі Чапліна дзеля выкупу.
Пры балгарскай мадэлі сяляне ідуць у горад, каб купіць малако, а гараджане едуць у вёску, каб сабраць ураджай.
Балгарская мадэль – гэта ровар без педаляў, але з дзесяццю рулямі.
I калі заводы вырабляюць мастацкую самадзейнасць.
Балгарская мадэль – гэта прадзіраўленая і прывязаная на нітку стацінка. Каб задарма катацца ў ліфце і размаўляць па телефоне.
Пры балгарскай мадэлі на жалейцы няма дзявятай дзіркі. Яна не прабітая. Прабітая адразу дзясятая.
Балгарская мадэль – гэта не калі мне добра, а калі суседу дрэнна.
Балгарскую мадэль немагчыма знішчыць.
З ёй будзе скончана, калі ўсе мы з’едзем у Канаду.
Як будзе скончана і з самой Канадай.
Пераклала Ірына Пінхасік