Мы – краіна самураяў.
Балканскіх самураяў.
Першапачаткова мы былі балканскімі бельгійцамі, пасля – балканскімі прусакамі, а цяпер мы самураі.
Магчыма, некалі мы будзем балканскімі балгарамі.
Як сапраўдныя самураі, мы нічога не робім. Мы лічым за лепшае ўвесь час біцца.
Балгарскі самурай б’е толькі ў грудзі.
I размнажаецца дзяленнем.
I проціпастаўленнем.
Ён дае не абяцанне служыць, а прымае абед, а заадно сняданне.
Балгарскі самурай верны не дадзенаму слову, а таму, хто дае слова.
Ён заўсёды з краю ўзыходзячага сонца.
I ніколі – з краю заходзячага.
Конь балгарскага самурая траянскі, яго ўлюбёная зброя – парасон, а ягоны ветразь раздзімаецца красавіцкім ветрам.
Ён ніколі не карыстаецца сваім мячом: захоўвае яго для музея рэвалюцыйнага руху.
Балгарскі самурай верыць не ў карму, а ў казарму.
Кімано балгарскага самурая раней шылася з сукна, а цяпер шыецца з бязі.
Балгарскі самурай робіць харакіры свайму суседу.
Ён любіць не хайку, а закручванне гаек.
Балгарскі самурай босы нават тады, калі ў яго на нагах в’етнамкі.
Балгарскі самурай нікога не шануе. Нават сябе.
I з’ядае ластаўчынае гняздо разам з ластаўкамі.
Балгарскі самурай заўсёды смяецца апошнім.
I пазнаецца нават пад дранай гунькай.
Ён стаіць на сваім, нават калі ляжыць.
Ягонае ўлюбёнае мастацтва – баявое.
Калі балгарскі самурай чуе слова «культура», ён хапаецца не за пісталет, а за бюджэт.
I скарачае выдаткі на яе.
У сваёй перадвыбарчай праграме ён абяцае ператварыць нават ніцыя вербы ў смяшлівыя.
I Чорнае мора ў Белае.
Паўлін балгарскага самурая аднакаляровы.
Балгарскі самурай экалагічна чысты, палітычна актыўны, сацыяльна слабы і сэксуальна моцны.
Ён не гарыць, але падтрымлівае гарэнне.
Ён не есць траву, але там, дзе ён праходзіць, трава не ўзыходзіць.
Чым больш мы будзем самураямі на Балканах, тым менш – балгарамі ў Еўропе.
Пераклала Ірына Пінхасік