Мы сорак пяць гадоў ішлі ў камунізм, а цяпер рухаемся ў Еўропу.
Калі мы насамрэч некуды ідзем, гэта значыць, што мы аддаляемся ад саміх сябе.
Бо мы ў Еўропе.
У такім выпадку куды мы рухаемся?
Факт, што мы не адчуваем сябе на сваім месцы, але ж чаму Еўропа?
Што будзе рабіць у Еўропе дзяржава, чые святло і цеплыня залежаць ад рамонту адной помпы?
I чыё насельніцтва крадзе фіранкі з чыгуначных вагонаў, каб пашыць сабе кашулі?
Хто ў Еўропе носіць па вечарах акумулятар дамоў, каб яго не скралі?
I дзе на першых паверхах дамоў ставяць краты?
Ці задае сабе нехта пытанне, куды мы рухаемся?
Мы ідзем туды, дзе бяруць не за горла, а на працу.
Ці ўпэўненыя мы, што хочам пайсці менавіта туды?
Албанцы ўпэўненыя ў месцы: яны хочуць пайсці туды, дзе разыгрываецца серыял «Далас» – басейны, мільярдэры, машыны.
А мы куды ідзем?
Калумб пяцьсот год таму адкрыў Амерыку, а мы цяпер адкрываем Еўропу, ці не так?
I што мы будзем там рабіць? Вадохрышча?
Ці заселім яе іншадумцамі? Якія гавораць адно, а думаюць іншае?
Я мушу вас папярэдзіць: там «дэмакрат» – спосаб мыслення, а не прафесія.
Купляюць не «дэмакратычны» стол, а прыгожы.
Ва ўсялякім выпадку я згодны з тым, што трэба нешта зрабіць, так больш не можа працягвацца.
Трэба, каб мы былі ўпэўненыя ў нечым.
Мы нават не ведаем, дзе жывем – у царстве ці ў рэспубліцы.
Частка насельніцтва пераконвае, што мы царства, другая – што рэспубліка.
У нас няма нічога надзейнага – ні гісторыі, ні геаграфіі, ні самабытнасці, ні імені, ні паходжання, ні канстытуцыі.
Давайце хоць разбяромся, ці існуе насамрэч Балгарыя, або гэта ўсяго толькі змова картографаў.
Я вучыў, што дзяржава існуе, калі існуе нацыя. Аб’яднаная нейкім нацыянальным ідэалам.
Які у нас нацыянальны ідэал? Эміграваць у Амерыку?
Замест нацыянальнага кансэнсусу мы маем нацыянальны нансэнсус.
Мы пастаянна не маем сучаснасці.
Толькі чорнае мінулае і светлую будучыню.
У такой сітуацыі хіба мы можам быць упэўненыя, што існуем?
Цяпер нам кажуць ісці ў Еўропу.
Ніякай Еўропы.
Давайце разважаць рэальна.
Рыхтуйце чоўны і праз Дунай – назад.
Туды, адкуль мы прыйшлі.
Пакуль нас хоць туды пускаюць.
Пераклала Ірына Пінхасік