Балгарская рыба – ні рыба, ні мяса.
Калі няма рыбы, то і балгарская рыба – рыба.
Яна самая маўклівая рыба ў свеце.
I сама ведае чаму.
Чорнае – не толькі мора, у якім яна жыве, але і патэльня, на якой яе смажаць.
На працягу стагоддзяў балгарская рыба ловіцца на чужую вуду.
I смажыцца ў сваім жа тлушчы.
Яна нараджаецца печкуром, жыве як кілька і канчае як камбала.
Зусім сплюснутая.
Яшчэ перад тым, як з’явіцца на свет, балгарская рыба страціла Белае мора і Охрыд, Басфор і Дарданэлы, таму яна інтэрнацыяналіст.
I пасвіцца на траве.
Ніводная балгарская рыба не ведае віроў сваіх, ёй найлепш плаваецца ў каламутных водах.
Калі яна важыць больш за адзін грам, звычайна маецца на ўвазе тунец.
Калі прарок Іёна тры дні і тры ночы знаходзіцца ў чэраве балгарскай рыбы, ён выходзіць адтуль бедным Лазарам.
Бо з яго бяруць па трыста даляраў за гадзіну. Як за офіс.
Балгарскую рыбу ядуць не пальцамі, не відэльцам, а іншай балгарскай рыбай.
Віно, з якім ядуць балгарскую рыбу, п’ецца з кубка, вырабленага з чэрапа яе ворагаў.
Балгарская рыба аб’ядноўваецца выключна ў кансервавай бляшанцы.
Хрыбет балгарскай рыбы палітычны.
Для яе сяброўства – як сонца і паветра для кожнай жывой істоты.
Тое, што іншыя народы зрабілі за сто гадоў, балгарская рыба мусіць зрабіць за дзесяць.
Яна мусіць прыкідвацца не толькі рыбай-молатам, але і рыбай-сярпом.
Яна не залатая, але выконвала жаданні дзядулі. I ягонай дачкі.
Ісус пяццю рыбамі накарміў пяць тысяч чалавек.
Восем мільёнаў балгарскіх рыб кармілі восем чалавек.
I іх шкарпэткі не раўнуючы як анучы.
Балгарская рыба самая завэнджаная рыба ў свеце.
Яна ўтрымлівае не столькі фосфар, колькі фасфаты.
Балгарская рыба гніе з хваста. На меркаванне тых, хто ёй кіруе.
З трох балгарскіх рыб атрымліваецца трыццаць палітычных партый.
Балгарская рыба балгарамоўная.
Яна самая дэмакратычная рыба ў свеце.
Раней гэтая рыба была прыдоннай, а цяпер – лятучая.
Балгарская рыба не мае ніводнага пальца.
Але звычайна яе вакол пальца абводзяць.
Кожная балгарская рыба марыць стаць акулай капіталізму.
Шлях балгарскай рыбы ў Еўропу і свет праходзіць не праз Басфор і не праз Вашынгтон, а праз патэльню.
Пераклала Ірына Пінхасік