Ва ўсім вінаватае рабства.
I прыгнятальнік.
Не пашанцавала нам з прыгнятальнікам.
I Нарвегія была пад прыгнётам, амаль столькі ж, колькі і мы, але цяпер там беспрацоўныя атрымліваюць па паўтары тысячы даляраў у месяц.
Аднак паглядзіце, хто іхнія прыгнятальнікі, – Данія і Швецыя.
Дарагога каштуе стагнаць пад такім прыгнётам.
Паўсюль народы, калі вызваляюцца ад прыгнёту, і ангельскую ведаюць, і цывілізаваліся, і метро ім правёў прыгнятальнік.
А наш прыгнятальнік больш дзікі за нас.
А ў іншым выпадку наўрад ці ён уладарыў бы над намі пяць стагоддзяў.
Нармальны прыгнятальнік збягае ад такога народа на дзясяты год.
Тое, што ў нас цяпер няма метро, – гэта ўсё праз рабства.
I тое, што мы не ведаем ангельскай, – таксама.
Справа ж не толькі ў тым, што народ не ведае ангельскай, але і ў тым, што народныя прадстаўнікі не ведаюць балгарскай.
Вось яно якое, нашае рабства.
Акрамя гэтага, нам не пашанцавала і з вызваліцелем.
Мы маглі б яшчэ тры-чатыры стагоддзі пачакаць іншага.
Нічога б з намі не здарылася.
I з геаграфічным становішчам нам таксама не пашанцавала.
Які нармальны народ селіцца на Балканах?
Людзі кажуць, што на скрыжаваннях нават мачыцца нельга, а мы там дзяржаву стварылі.
Натуральна, што цяпер мы ўвесь час стаім на тратуарах з букетамі і крычым: «З прыездам, браты-вызваліцелі!»
I клянемся ў вечным сяброўстве кожнаму, хто праходзіць праз скрыжаванне.
На ўсіх мовах свету.
Не пашанцавала нам і з суседзямі.
Ніводнай скандынаўскай краіны навокал.
Ці хоць бы Швейцарыі. Дык не – толькі балканскія.
У такім становішчы ўжо нічога не зробіш, акрамя балканіядаў.
Ці балканскіх сустрэч на самым высокім узроўні.
А таксама кантрабанды брынзы ва ўсіх кірунках.
Ці можа прыйсці да галавы нармальнаму чалавеку заснаваць Злучаныя Штаты Балканаў?
Гэта не раўнуючы як цір адчыніць.
Не пашанцавала нам і з буржуазіяй.
Яна нам нічога не пакінула.
Адныя толькі лесапільні і часальныя майстэрні.
I нейкую там запалкавую фабрыку.
Калі б яна нам пакінула заводы, як «Сіменс» ці «Круп», або той жа «Соні», становішча нашае было б зусім іншае.
Ужо не кажучы пра калоніі, пратэктараты і заморскія тэрыторыі.
Пра чорны перац і гастарбайтараў.
А цяпер мы павінныя самі мыць талеркі.
Няхай сабе яны і паўночнаамерыканскія.
Не пашанцавала нам і з пралетарыятам.
I з інтэлігенцыяй.
I з эміграцыяй.
I з дысідэнтамі, і з карыснымі выкапнямі, і з узроўнем ракі Дунай, і з флорай і фаўнай, а таксама з падземнымі водамі.
У такім становішчы, што б мы ні рабілі, выходзіць адно і тое ж – бананавая рэспубліка без бананаў, эмірат без нафты і султанат без дыяментавых радовішчаў.
I нічога нельга зрабіць.
Нішто не залежыць ад нас.
Пераклала Ірына Пінхасік