Французскі голуб, я цябе не пазнаў!.. Ты не толькі не атрымаеш хлебных дробак, але і можаш стаць ахвярай… Паколькі я генетычна галодны і сістэматычна не даядаю ў Балгарыі, такога голуба з рысам сабе прыгатую ў гатэлі… Што, не верыцца?.. А ты вось зрабі яшчэ крок-другі – і паглядзім… Не, мы не людажэры, але станем імі. Да таго ўсё ідзе… Так, мы белыя, мы ведаем, якія мы белыя… Гэты бутэрброд, які я цяпер ем, – мой сняданак, абед і вячэра, настолькі мы белыя… I так мне ўваччу пацямнела, што калі б не тыя японцы з фотаапаратамі… Мы еўрапейцы, так, мы ў Еўропе… Ну, а калі не можаш паверыць, дык на мапу паглядзі. I нават калі я пачну табе тлумачыць, усё роўна не зразумееш, бо гэта вельмі складана… Посттаталітарызм… Гістарычны канфармізм балгарскіх сацыяльных паводзін… Не глядзі на мой бутэрброд… Спецыфічная сацыяльная псіхалогія, змадэляваная ва ўмовах жыцця на балканскіх скрыжаваннях… Кроў сталася прычынай нашага пастаяннага страху і зрабіла выжыванне найвышэйшай гістарычнай каштоўнасцю… Пачакай трохі, хіба не бачыш, што я жую… Як гэта табе не будзе цікава, гэта ж як рэпартажы з жыцця вострава Пасхі… Калі табе давядзецца хоць на два месяцы выправіцца ў Балгарыю, паглядзіш, як там цікава, ты ўжо на другім тыдні выцягнеш ногі… Так, працягваем… Нясталае сацыяльнае пачуццё балканца, адсутнасць вугорскіх падзей, пражскай вясны і Леха Валэнсы… Спалучэнне гістарычных і кан’юнктурных фактараў… Сацыяльная каламуць… Чаму б табе не падысці бліжэй… На падставе голаду і адчаю, пры адсутнасці гістарычнай перспектывы… Вось тут спыніся, на гэтым камені… Маральная дэградацыя… Бескантрольны рабунак… Няспынныя правапарушэнні… Ці не збіраюцца гэтыя японцы нарэшце выбірацца адсюль… Палітычная спекуляцыя нацыянальнымі праблемамі даведзеная да крайняй ступені абсурду… Абвостраныя балканскія супярэчнасці… Лепш за ўсё будзе ў нейлонавай торбе… Вечна пульсуючы балканскі нацыяналізм зноў узняў свае запэцканыя сцягі… У рэшце рэшт яны выбраліся… Адзначаныя элементы крызісу ў посттаталітарным грамадстве паказваюць на адсутнасць выйсця… Пачакай, пачакай, не бі так крыламі, падрапаеш мне ўсе рукі… Стой спакойна… Я скручу табе шыю… Натуральна, я цябе з’ем, а ты што сабе думаў – што мы тут да абеду гаварыць будзем?.. Гэта мяне не цікавіць, я цябе з самага пачатку папярэдзіў… Зараз лезь у торбу і без глупстваў мне тут… Так… На чым мы спыніліся… Ага, дэмакратыя… Вось яно, чароўнае слова, што чуецца з вуснаў і самых заўзятых сталіністаў, і крайніх лібералаў… I малады, і стары клянецца імем дэмакратыі… Але ў балгарскай рэчаіснасці, прынамсі ў дадзены момант, гэтае слова сэнсу не мае… Шкада, голуб, з гэтага б мне трэба было пачаць, але тады ты дакладна ўцёк бы… А ну пайшлі!
Пераклала Ірына Пінхасік