Славянская душа, голуб мой нямецкі, ёсць таямніца.
Яна сама сябе не разумее, што тут казаць пра цябе.
Так, балгары – славяне. Паўднёвыя. Мабыць, крыху больш паўднёвыя, чым трэба.
Гэта нічога, што ты чытаеш прэсу, а ўсё роўна не разумееш.
Ну добра, я табе скажу, што адбываецца, паглядзім, што ты з таго зразумееш. Калі ты так настойваеш.
Мы робім усё, каб нічога не рабіць.
Больш за ўсё нам падабаецца ненавідзець.
Балгарскі кансэнсус складаецца з васьмі мільёнаў «супраць».
У час росквіту сэксуальнай рэвалюцыі нам нестае патэнцыялу на іншых.
Простыя служкі, якія калісьці прыкідваліся масквічамі, цяпер прыкідаваюцца тэхасцамі.
А панагюрцы – менеджарамі.
Ужо ніхто не пытаецца, колькі каштуе квіток да Крэмікаўцаў.
Пытанне ў тым, колькі каштуе квіток да Амерыкі.
Балгарская мара – не быць балгарамі.
Працоўныя масы мараць пра масу харчоў на «шведскім стале».
Пралетарыі ўсіх краін яднаюцца ў Амерыцы.
Прывід ходзіць па Балгарыі – прывід Еўропы.
У праграме вышэйшых навучальных установаў вывучаецца як навучальны прадмет мыццё талерак.
Каб нашыя студэнты былі гатовыя да Канады.
Сальеры піша ў газетах, што Моцарт нібыта быў канцэртмайстарам прыдворнай капэлы зальцбургскага арцыбіскупа.
I нібыта працаваў у Вене.
Вядома, хто працаваў ў Вене.
Застаецца ўсё менш людзей на квадратны кіламетр.
Маладыя ўсё часцей цытуюць: «Цудоўна, але што ёсць Айчына?»
Балгарскі нацыянальны герой завецца Крадзі Марка.
Пераплылі мы 1300 гадоў таму Дунай, а не Рэйн, вось і маем цяпер замест фальксвагена фальклор.
Містэрыя балгарскіх галасоў тлумачыцца сарака пяццю гадамі маўчання.
Нармальная паліцыя абараняе закон, а нашая хоча, каб закон абараняў яе. Сцверджанне, што і мы нешта далі свету, усё ж такі правільнае – некалькі мільярдаў Іраку, Лівіі і Ірану.
Свабодныя цэны ўсё больш нас знявольваюць.
Мы збіралі грошы на чорны дзень, а трэба было збіраць капусту.
Меры нашага выратавання манетарныя, а дапамога – гуманітарная. А не наадварот, як мае быць.
Апошнімі пакідаюць карабель, які тоне, не пацукі, а балгары.
Балгарская прымаўка – трапіць у Рым і не забіць Папу.
Нашую гісторыю тлумачаць нашай геаграфіяй.
Тэорыя ў балгарскага народа аптымістычная, але практыка – песімістычная.
Іншыя даюць царства за каня, а мы – каня за курыцу.
Апрача таго, што мы жывем на паўвостраве, мы яшчэ і паўінтэлігентныя.
Мы адзіны народ, які занявольвалі два разы, а вызвалялі пяць.
У балгарына моцна развіты культ працы, вучобы і асобы.
У нас хто не працуе, той не есць. Хто працуе – таксама.
Балгарская нацыянальная хвароба – амнэзія.
Нам чым горш, тым лепш.
Вось яна, голуб, загадкавая славянская душа.
Загадкавую славянскую душу можна зразумець толькі тады, калі яе дастаць.
Пераклала Ірына Пінхасік