Дзяржава разводзіцца з культурай.
Неадпаведнасць характараў.
Грандаманія, графаманія і блудадзейства.
Нанясенне непапраўных стратаў першай згаданай асобе.
Захворванне, якое ўяўляе сур’ёзную небяспеку жыццю і здароўю цэлага пакалення і мужа.
Больш за тое – дзяржава аспрэчвае паходжанне дзяцей і не прызнае іх сваімі.
Сцвярджае, што яны былі зачатыя штучна.
Пры гэтым быў выкарыстаны чужы матэрыял.
I хоча адмовіцца ад сваіх бацькоўскіх правоў.
Абвінавачвае жонку ў тым, што яна недзеяздольная.
Даводзіць, што шлюб быў на мяжы краху.
Маральныя і матэрыяльныя рэсурсы вычарпаныя.
Культура, якую выкінулі на вуліцу, аспрэчвае пастанову і са свайго боку сцвярджае, што віна цалкам ляжыць на дзяржаве.
I што калі яна распуснічала, дык у гэтым вінаватая дзяржава, якая, маўляў, зводніца і штурхала культуру ў абдымкі да іншых пры гэтым блудадзействе.
Маральны і фізічны падбухторшчык.
I тут маюць месца дзеянні супраць волі асобы.
Якая, апрача ўсяго вышэйадзначанага, была непаўнагадовай.
I не да канца ўсведамляла сэнс сваіх дзеянняў.
Акрамя таго, культура пераконвае, што дзяржава неправамерна і незаконна нажылася на ёй за час шлюбу.
Відавочныя карыслівыя паводзіны аднаго з бакоў насуперак інтарэсам другога.
Нажыванне гэтае мела маральны і матэрыяльны характар. I нанесла непапраўную шкоду культуры.
Дзяржава практыкавала стварэнне душэўных і фізічных перашкодаў, у тым ліку праз трэціх асобаў.
З Шостага ўпраўлення.
Культура, маўляў, усё цярпела толькі дзеля дзяцей.
Увесь час захоўвала вернасць другому боку.
Нягледзячы на яго выродлівасць.
Быў прадстаўлены шматлікі рэчавы доказны матэрыял, што датычыцца вышэйзгаданага, – кнігі, фільмы, песні, творы выяўленчага мастацтва, якія суд прыняў пад увагу.
Культура запэўнівае, што два гады таму шлюб быў гарманічны. А выключэнні здараюцца і ў найлепшых сем’ях.
Сведкі гэта пацвердзілі.
Цяпер ідуць спрэчкі адносна матэрыяльнага ўтрымання і выкарыстання набытай за час шлюбу маёмасці, а таксама адносна апекі над дзецьмі і аліментаў на іх.
Паўстала пытанне і наконт прозвішча, якое муж і жонка ці адзін з іх змогуць насіць у будучыні.
Культура згодная больш не звацца сацыялістычнай. I ўзяць прозвішча свайго новага мужа.
Ці застацца з дзявочым.
Пытанне толькі ў тым, каб дзяржава забяспечыла ёй поўнае матэрыяльнае ўтрыманне.
Дзяржава адказвае, што права на ўтрыманне мае толькі невінаваты ў разводзе бок.
Культура клянецца, што абсалютна невінаватая.
Судовая справа працягваецца.
Пераклала Ірына Пінхасік