Патэльня так і стаіць на агні, але рыба не ў моры.
Рыба выпаўзла на бераг.
Уявіла сабе, што тут ёсць жыццё.
Калі б яна магла гаварыць, то сказала б нам, каб і мы не кідаліся ў мора.
I там жыцця няма.
Пытанне ў тым, дзе яно ёсць.
Ва ўсялякім выпадку не ў ЗША: тыя, хто прыехаў адтуль, упэўніваюць нас, што цікавае жыццё, маўляў, цяпер праходзіць тут.
Хай яны абмяркуюць гэтае пытанне з рыбай.
Якая выпаўзла на бераг у раёне Бургаса.
Вось дык сапраўды цікава. Рыба ўжо жыве на сушы, а ягняты – у моры.
Але наўрад ці гэта цікава ягнятам.
З’яўляецца ўсё больш балгараў, якія, акрамя нашых зялёных гор, любяць і элегантнае адзенне, вытанчаныя стравы, ладныя дамы, хуткія машыны, добрыя кнігі і цвярозы чалавечы розум.
Для гэтых нашых суайчыннікаў трэба імпартаваць аднекуль іншую дзяржаву.
У дадзены момант вядуцца перамовы з Галандыяй і Швейцарыяй.
Да паслуг астатніх перадвыбарчыя праграмы розных палітычных і іншых сіл.
У іх, акрамя будучыні, не абяцаецца нічога іншага.
Аднак мы ўжо жылі ў гэтай будучыні.
Гэтая будучыня, якая нібыта мусіла нас напаткаць, была вынікам светлага мінулага. Таму, маўляў, і была такой.
А наступная будучыня ўжо будзе як сапраўдная сучаснасць.
Мы ўсе хочам урэшце пажыць у нейкай канкрэтнай сучаснасці, але куды мы дапаўзем да таго часу?
Увогуле мы паўзём да дэмакратыі.
I да Еўропы.
А таксама да рынкавай эканомікі.
Пытанне ў тым, ці хопіць нам кіслароду.
Бо што рыбам не хапае.
Тыя нашыя суайчыннікі, якія сумняваюцца ў вышэйнапісаным, арганізуюць масавыя пераплыванні рэк, што мяжуюць з Германіяй.
На жаль, іх няправільна разумеюць.
Там паліцыя не разумее нашых традыцый.
Не ведае, што такім чынам мы пасяліліся і ў Балгарыі.
I гэта стары балгарскі звычай.
Які паказвае, што настаў апошні момант дзеля таго, каб трапіць пад нямецкі прыгнёт.
Свабода дарагая, але які ў яе курс адносна нямецкай маркі?
Акрамя таго, толькі такім чынам немцы вывучаць нашыя звычаі.
Цяпер усе дэкларуюць, што наш народ заслугоўвае нечага лепшага.
У такім выпадку чаму б не імпартаваць і трохі кандыдатаў у дэпутаты?
Пераклала Ірына Пінхасік