У адпаведнасці з усімі прыроднымі і фізічнымі законамі нешта такое, як балгарын, не можа існаваць.
Аднак не.
Злоўленыя за хвасты, вось яны мы.
Нас у сем разоў менш, але мы асімілюем славян і ў дадатак хрысцім іх нашым імем.
Да таго ж называем балгарскай мову, у якой толькі восем балгарскіх слоў.
Але першае з іх – палка.
Слоўнікавы фонд многіх з нас і да сённяшняй пары складаецца толькі з гэтага слова.
Пасля гэтага хрышчэнне і перахрышчванне ператвараюцца ў стары балгарскі звычай.
I звычайна пачынаецца з першага балгарскага слова.
У жывой прыродзе няма нічога мацнейшага за інстынкт самазахавання, але вось ён, балгарын, з наступнай прымаўкай:
«Ану, выкалем сабе вока, каб цешча памерла ў пакутах ад думкі, што ў яе зяць аднавокі!»
I сапраўды яго выкалвае. А цешча сапраўды памірае ў пакутах.
I гэта пры законе захавання відаў.
Далей падзеі развіваюцца так:
Яйкі квохчуць, а курыцы маўчаць.
Пешы ненавідзіць коннага.
Мы таўчэм ваду ў ступе.
Дзве рыбы смажацца, адна другой не верыць.
Мы ўсё ідзем па воўну і ўсё вяртаемся абстрыжаныя.
Сляпая курыца, калі становіцца відушчай, хоча і на пеўня залезці.
Адсутнасць не купляецца і не прадаецца.
I выкрышталізоўваецца ўрэшце ў наступную жыццёвую філасофію: «Калі мы не можам так, як хочам, тады мы хочам так, як можам!»
У такім выпадку для балгарына жыццё робіцца прычынай для існавання.
З гэтага часу і далей падзеі ідуць сваім натуральным ходам.
Сумленных у нас лічаць вар’ятамі.
У свеце застаецца ўсё менш народаў, з якімі мы не браты. I ўсё менш сыру.
Вернікаў робіцца ўсё больш, а веры – усё менш.
Ніхто не адказвае сабе на пытанне: які сэнс называцца скатом, калі ты не Фіцджэральд?
Нам усё бліжэй далёкія народы і ўсё далей – блізкія.
Чорнае ў нас не толькі мора, але і кожны, хто стаіць у нас перад вачыма.
Мы вывозім галубоў і зайздрасць, а ўвозім Пікаса і Моцарта.
Сталеем, але не расцем.
З нас так часта робяць малпаў, што мы ўжо верым у тэорыю Дарвіна.
Я не разумею, навошта ўпарціцца далей. Давайце зробім графік, хто куды з’едзе. Няма сэнсу тоўпіцца на адным месцы. Няхай апошні выключыць святло і ўключыць гімн.
Пераклала Ірына Пінхасік