Практыкаванні па іншасці

Зверху ўсё падобнае да перапоўненага мурашніка.

Ліхаманкавыя броўнаўскія рухі, мітусня, хаос.

Усе ад усяго адракаюцца.

Кожны даводзіць, што ён – гэта не ён.

Вялізнае, усеагульнае, усенароднае сцвярджэнне нашай уласнай іншасці.

Масавыя ўцёкі з месца злачынства.

У чалавека ўзнікае такое ўражанне, нібыта ён быў сляпы, як Гамер.

I глухі, як Бетховен.

Высвятляецца, што мы народ, які складаецца з дысідэнтаў, эмігрантаў і праціўнікаў рэжыму.

I адзінаццаці членаў Палітбюро.

З якіх некаторыя таксама сумнеўныя.

Барацьба была не толькі цяжкай, але і няроўнай.

Цяпер гэта не мае асаблівага значэння, вечарына працягваецца.

Як нам паглядзець на сябе ў люстэрка і паверыць, што мы іншыя?

Перш за ўсё народжаныя Дзявятага верасня нараджаюцца Дзясятага лістапада.

Пасля гэтага бедная, але прагрэсіўная сям’я, з якой усе мы паходзілі да нядаўняга часу, пачынае багацець – і багацее, пакуль не ператворыцца ў заможную кансерватыўную сям’ю з трыма фабрыкамі і часальнай майстэрняй.

Радаводнае дрэва трасуць, пакуль з яго не зваляцца прынамсі два міністры, два генералы і адзін патрыярх.

Можа і няісныя.

Пасля тыя, хто быў народжаны на мяжы і вырас на ніве, паступаюць у амерыканскі каледж і сканчаюць яго.

Калыска, якая вісіць на грушы сярод кукурузы, робіцца італьянскім дзіцячым вазком з нікеляванымі спіцамі.

Пяньковы дыванок – карункавым пакрывалам.

Непрапечаны хлеб – чорнай ікрой.

Мука, якую дзядзька нам даваў для партызанаў, шчодра пасыпаецца атрутай. Мы выцягваем сваіх дзядоў з карчмы і змяшчаем у царкве.

Некаторых сваякоў мы пасылаем за мяжу, іншых – у лагер.

Калі пачнуць надта правяраць, скажам, што лагер быў піянерскі.

Мы выключаем з партыі самых блізкіх.

Мы заводзім у лес і заколваем валоў, якіх самі першымі завялі ў калгас.

Мы абзаводзімся марксісцка-ленінскім светапоглядам і ў маленькую кішэньку пінжака кладзем дэмакратычныя погляды.

Мы пераключаем радыёстанцыю з Масквы, якую слухалі раней, на «Свабодную Еўропу».

Універсітэты робяцца амерыканскімі, дыпломы – нямецкімі, спецыяльнасці – ангельскімі.

Усё астатняе абвяшчаецца несапраўдным.

Скончыўшы ўсю гэтую працу, мы глядзім на сябе ў люстэрка.

Адтуль на нас глядзяць зусім іншыя людзі.

Пераклала Ірына Пінхасік