Большасць людзей з гэтага квартала ставяцца да яго са спачуваннем.
Робяць яму шапку з газеты.
Даюць патрымаць сабаку.
Некаторыя замаўляюць піва.
У нядзелі бяруць яго з сабой на шпацыр.
Ён іх весяліць.
Мясцовы нармальны.
Сцвярджаюць, што ён чытае кнігі.
Ён не мае ні фірмы, ні кавярні, ні прадуктовай крамы.
Ён нават не мільянер.
Да такой ступені нармальны, што жыве на адзін заробак.
Адзіныя грошы, якія ён адмыў, былі забытыя ім у кішэні кашулі дваццаць леваў.
Кашуля нават не была ядвабнай.
Мясцовы нармальны эканоміць, каб заплаціць за электрычнасць.
I пераходзіць вуліцу на зялёнае святло.
Ягоная машына – не «мэрсэдэс» і не «бээмвэ».
Ходзяць чуткі, што ён нават не мае машыны.
Зразумела, што ніхто ў гэта не верыць.
Ягоны дзядуля не меў ані фабрыкі, ані зямлі, ані аптэкі.
Сумнеўна і тое, што ён меў дзядулю.
Ад рэстытуцыі мясцовы нармальны нічога не атрымлівае.
Як быў пралетарыем, там ім і застаўся.
Яму могуць вярнуць хіба што ланцугі.
Ён не толькі не быў дысідэнтам, але і не быў рэпрэсаваны.
Раней ягоныя погляды былі няправільныя, такія ж яны і цяпер.
Мясцовы нармальны ходзіць у тэатр.
Людзі паказваюць яго сваім дзецям.
Калі не будуць слухацца, то стануць такімі, як ён.
Яго нармальнасць спадчынная.
Калі нехта кажа вам «Добры дзень» і ўсміхаецца, калі гаворыць ціха і на правільнай балгарскай мове, значыць, гэта ён – мясцовы нармальны.
Не біце яго.
Ён бяскрыўдны.
Адзінае ягонае прызначэнне – нарадзіцца, прагаласаваць і памерці.
Пераклала Ірына Пінхасік