Я зачыніўся ў вежы са слановай косці і мару.
Што б сталася з Балгарыяй, калі б мы памянялі знак.
Памянялі б мінус на плюс.
Бо ён насамрэч выключна здатны.
У Нью-Ёрку балгарын глядзіць на аўтамат, які разменьвае банкноты, роўна дзве хвіліны, а на трэцяй ён ужо намазвае даляр клеем, апускае яго ў аўтамат – і той выдае недзе дваццаць ці трыццаць тысяч даляраў.
Колькі ёсць.
Нейкі там скандынаў будзе цэлы дзень стаяць перад гэтым аўтаматам, і цэлы месяц можа стаяць, і ніколі яму не прыйдзе да галавы намазаць банкноту клеем.
Скандынаў выкарыстоўвае рэчы паводле іх прызначэння.
Калі аўтамат для размену банкнотаў – ён разменьвае ў ім банкноты.
Калі, каб вымыць бялізну, трэба апусціць у пральную машыну манету, скандынаў апускае манету.
Балгарын яшчэ з вечара падрыхтаваў у лядоўні кавалачкі лёду, якія вагой і памерам не адрозніваюцца ад манет, і раніцай з’яўляецца перад пральнай машынай у поўнай боегатоўнасці.
Ён апускае ледзяныя кружкі замест манеты, пера, затым вытрасае бялізну з машыны і ідзе да наступнай.
Проста і геніяльна.
Нават не трэба прабіваць стацінку і прывязваць яе на нітку.
Не застаецца ніякіх слядоў і ніхто не можа зразумець, што здарылася.
Бо ледзяныя кружкі тым часам растаюць.
I гэта адбываецца на чужыне, дзе балгары ўсё ж такі рэдкасць.
Ці вы можаце ўявіць сабе краіну, заселеную выключна балгарамі? Такую, як, напрыклад, Балгарыя.
Кім бы мы маглі быць з такімі здольнасцямі.
Якія там Злучаныя Штаты, якія там Японіі, якія там Германіі!..
Яны б былі нашымі калоніямі.
Сыравінавымі прыдаткамі.
Памідорнымі рэспублікамі. Мы б прымалі адтуль эмігрантаў, а туды пасылалі б дэпутатаў, каб вучыць іх дэмакратыі, мыцца і паважаць правы неграў.
I адпраўлялі б ім балгарскую кукурузу.
Вось кім мы маглі б быць, калі б геній балгарына быў накіраваны ў правільным кірунку.
Але мы лічым за лепшае скрасці ікру ў рыбы, якая плавае, замест таго, каб сесці і зрабіць стаў.
Гэта ўжо духоўнасць.
Менавіта дзякуючы гэтай духоўнасці мы не можам, як нармальныя людзі, сесці і стварыць дзяржаву.
Шукаем, дзе ўжо нешта зроблена, каб прыйсці туды і, калі магчыма, усё сапсаваць.
Ці забыцца на тое, што мы балгары.
А вы ўяўляеце сабе, што было б, калі б мы памянялі знак!..
Пераклала Ірына Пінхасік