1.
Добрай раніцы! Атмасферны ціск над краінай сёння нізкі, вільготнасць паветра нізкая, курс даляра нізкі, нашыя даходы нізкія, маральны ўзровень палітыкаў нізкі, адзнакі нашых дзяцей у школах нізкія, інтэлектуальны ўзровень нізкі, тлустасць нізкая, прэзідэнт нізкі, нашая сэксуальная актыўнасць нізкая, рост вытворчасці нізкі, гемаглабін нізкі, узровень гігіены нізкі, паклоны нізкія, нашыя гарызонты нізкія, каэфіцыент карыснага дзеяння нізкі, нашыя заробкі нізкія, наш пражыццёвы мінімум нізкі, голас розуму нізкі. Жадаем вам і на гэтым тыдні добрага самаадчування.
2.
Добрай раніцы! Нашая грамадскасць з поўным правам запыталася ў нас па тэлефоне пасля папярэдняй перадачы, ці ўсё нізкае ў нашай краіне і ці ёсць хоць нешта высокае, бо інакш такім чынам мы траўмуем людзей яшчэ з раніцы. Злачыннасць высокая. Інфляцыя высокая. Запыленасць паветра высокая. Наш крывяны ціск высокі. Цэны высокія. Канцэнтрацыя нітратаў паўсюль высокая. Венцы Дзімітраў высокі. Узровень беспрацоўя высокі. Колькасць тых, хто пакінуў Балгарыю, высокая. Бог высока. Працэнтная стаўка высокая. Ступень небяспечнасці АЭС «Казладуй» высокая. Падаткі высокія. Дзяцячая смяротнасць высокая. Колькасць супрацоўнікаў спецслужбаў высокая. Карупцыя высокая. Нашая знешняя запазычанасць высокая. У такой сітуацыі, натуральна, і на гэтым тыдні жадаем вам добрага самаадчування.
3.
Добрай раніцы! Над краінай стаіць спёка, але ў Афрыцы нашмат спякотней. Напружанне і нянавісць растуць, але ў Югаславіі нашмат горш. Вытворчасць стаіць на месцы, але ў Эфіёпіі нашмат горш: там наагул няма вытворчасці. Злачыннасць расце, афармляецца мафія, але ў Італіі яшчэ горш – там іх тры. Сіцылійская, калабрыйская і неапалітанская. Многія людзі на практыцы недаядаюць, але ў Сальвадоры недаядаюць усе. Культура ў ганебным становішчы, але ў джунглях Амазонкі наагул не маюць уяўлення, што такое опера. Паветра над нашымі вялікімі гарадамі неверагодна бруднае, але на Венеры наагул няма паветра. Мы здзіўляемся, як мы будзем жыць, аднак на Марсе наагул няма жыцця. Таму, дарагія слухачы, жадаем вам добрага самаадчування і на гэтым тыдні!.. I не забывайцеся, што ў Магадышу наагул няма радыё!..
Пераклала Ірына Пінхасік